КАРНУЭ́ЛЬСКІЯ КУ́РЫ, корнішы,

парода курэй мяснога кірунку прадукцыйнасці. Выведзена ў Вялікабрытаніі (графства Корнуал) у 19 ст. скрыжаваннем мясц. байцовых курэй старой англ. пароды, пароды азіль і малайскіх. Выкарыстоўваюць у гібрыдызацыі з курамі інш. мясных і мяса-яечных парод для атрымання помесных куранят-бройлераў, якіх гадуюць на мяса. На Беларусі племянная работа з корнішамі вядзецца на племптушказаводзе «Слуцкі» Мінскай вобл.

Тулава масіўнае, з шырокімі грудзямі і плячамі, звужаецца да хваста. Галава кароткая, шырокая, з кароткай дзюбай і стручкападобным грэбенем. Ногі тоўстыя, сярэдняй даўж., шырока расстаўлены. Хвост кароткі, звіслы. Апярэнне бліскучае, часцей белае, трапляецца таксама цёмнае, чырв., палевае. Жывая маса дарослых пеўняў 4,5—5 кг, курэй 3—3,5 кг. Яйцаноскасць 110—130 і больш яец за год.

М.​Ц.​Гарачка.

Карнуэльскія куры.

т. 8, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)